Лізавета Чырвонцава

Маладзечанская школа выцінанкі

Стваральнікам Маладзечанскай школы выцінанкі з’яўляецца Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава (1937-2014 г.ж.). Багаты творчы і педагагічны вопыт Чырвонцавай В.М. дазволіў стварыць абгрунтаваную методыку выкладання выцінанкі і вучэбныя праграмы для мастацкай школы і аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў сярэдніх спецыяльных вучэбных установах.

Маладзечанская школа выцінанкі адметная выразнасцю кампазіцыі, майстэрскай стылізацыяй, якасцю тэхнікі выканання, лаканічнасцю вобразаў, выкарыстаннем традыцыйнай старажытнай сімволікі, прытрымліваннем правілу састаўлення ўзораў з выразак трох памераў (буйных, сярэдніх, дробных). Майстры маладзечанскай школы абапіраюцца на набыткі культурнай нацыянальнай спадчыны, традыцыйныя беларускія арнаменты і сімвалы. Для школы характэрны складаныя тэматычныя кампазіцыі з выразнай структурай, стылізацыяй вобразаў і ажурных арнаментаў.

Глыбокае веданне семантычных значэнняў як асобных элементаў кампазіцыі выцінанкі, так і асноўных вобразаў з’яўляецца галоўным прынцыпам у стварэнні твораў. Склаўся рад тыповых сюжэтаў: святы беларусаў, міфалагічныя персанажы, народныя строі, архітэктурныя беларускія помнікі, архетыпічныя і арнаментальныя сімвалічныя вобразы, традыцыйныя кветкавыя кампазіцыі.

Выкарыстанне асобных характэрных элементаў, тэхнічных прыёмаў, стылістычных вырашэнняў адрознівае маладзечанскую школу ад работ іншых майстроў беларускай выцінанкі. Але ў той жа час кожны майстар школы мае сваю індывідуальную адметнасць і стылізацыю.

Выцінанка Маладзечанскай школы выкарыстоўваецца для паліграфічнай прадукцыі (паштоўкі, кніжныя ілюстрацыі), прынтоў і вышыўкі на вопратацы, стварэння элементаў дэкора ландшафтнага і інтэр’ернага дызайна, графіці, афармлення мерапрыемстваў.

Copyright

Матэрыялы прадастаўлены на сайце выключна для азнаямлення. Камерцыйнае капіраванне і распаўсюджванне без указання першакрыніцы забаронена.

Сацыяльныя сеткі