Лізавета Чырвонцава

Біяграфія

Сардэчна запрашаем!

Нарадзілася ў горадзе Маладзечна Мінскай вобласці (Беларусь).

У 1997 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Дыпломны праект «Кола жыцця» быў першай выцінанкай на факультэце «Народныя рамёствы».

Прынята ў Саюз народных майстроў пры Саюзе мастакоў РБ у 1993 годзе майстрам народнай творчасці. З 2002 года з’яўляецца сябрам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці як майстар выцінанкі. Пераняла майстэрства ад маці Чырвонцавай Вікторыі Мікітаўны – педагога многіх беларускіх майстроў выцінанкі і саломапляцення.

Працуе з 1998 года выкладчыкам на цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К.Агінскага. Зберагае і развівае маладзечанскую школу выцінанкі. Падрыхтавала больш за 120 спецыялістаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

IMG_6186

Пастаянны ўдзельнік (дыпламант і лаўрэат) гарадскіх, раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, пленэраў і конкурсаў. Выставачную дзейнасць пачала з 1993г. Персанальныя выставы: 2011г. – «Таямніцы міфаў», 2013г. – «Традыцыі і сучаснасць» (г.Маладзечна), 2018г. – «Вандроўкі душы» (г.Мінск), 2019г. – «Позірк мінулага» (г.Быхаў).

Дзяржаўны стыпендыят у галіне культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь у 2011 годзе (серыя твораў «Беларуская міфалогія»).

У 2018 годзе атрымала званне народнага майстра Беларусі.

У творчасці Лізаветы склаўся шэраг асобных сюжэтаў: архетыпічныя і арнаментальныя сімвалічныя вобразы, міфалагічныя персанажы, беларускія святы, сюжэтныя кампазіцыі.

Аўтарская стылістыка вылучаецца характэрнымі элементамі, тэхнічнымі прыёмамі, выразнай стылізацыяй вобразаў. Работам мастака ўласціва эксперыментальнае вырашэнне з матэрыялам, колерам, відам афармлення.

Работы знаходзяцца ў фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея (Беларусь), Дзяржаўнага гісторыка-культурнага запаведніка – музея «Заслаўе» Мінскай вобласці (Беларусь), Быхаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, Дамадзедаўскім гісторыка-мастацкім музеі Маскоўскай вобласці (Расія), Этнаграфічным музеі-сядзібе Адама Петраўскаса г.Купішкаса (Літва), асабістых калекцыях ў Польшчы, Расіі, Літве, Украіне, Германіі, ЗША, Японіі і іншых краінах.

Copyright

Матэрыялы прадастаўлены на сайце выключна для азнаямлення. Камерцыйнае капіраванне і распаўсюджванне без указання першакрыніцы забаронена.

Сацыяльныя сеткі