Беларуская выцінанка
Выцінанка – адзін з са старажытных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які ўзнік у Кітаі дзякуючы вынаходніцтву паперы.
Тэхналогія вырабу паперы з цягам часу стала вядомая і ў іншых краінах: спачатку ў суседніх – Японіі, Карэі, Інданезіі, а потым і ў далёкіх – Персіі, Турцыі, краінах Еўропы. Назва гэтага віду мастацтва ў Польшчы – wycinanka, на Украіне – вытынанка, у Літве – karpiniai, у Францыі – decoupage, у Германіі – scherenschnitte, у Англіі – papercutting.
З 16 ст. ў Еўропе стала распаўсюджвацца ў асяроддзі шляхты сілуэтная выразка (чорна-белыя рэалістычныя выявы людзей, прыродныя матывы, бытавыя сцэны). Народная выцінанка адрознівалася ад сілуэтнай тэхнікай выканання. Паперу маглі складваць гармонікам, у выглядзе трохкутніка ў 4,6,8 разоў такім чынам, што восі сіметрыі перакрыжоўваліся ў цэнтры, і па згібах выразалі ажурныя геаметрычныя ўзоры. Таксама аркуш паперы складалі папалам і выразалі палову сілуэта выявы, а па згібе ўзоры. Магчыма першая “выцінанка” на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, а затым Рэчы Паспалітай была папяровая кустодыя (упрыгожванне для аховы васковых і сургучных пячатак на дакументах).
Папера стала даступнай ў народным асяродку, з яе выразалі фіранкі, сурвэткі, карункі для дэкору. Выцінанкай аздаблялі ў хаце абразы, вокны, мэблю, сцены. Узоры для выцінанак часта браліся з ткацтва, вышыўкі, керамікі, разьбы і неслі сімвалічны сэнс. За час існавання гэты від мастацтва перажываў цікавасць розных слаёў насельніцтва і шырокае распаўсюджванне, так заняпад і амаль поўнае забыццё.
У 80-я гады ХХ ст. творча працаваць над адраджэннем выцінанкі пачалі прафесійныя мастакі. Сучасная беларуская выцінанка стала адным з распаўсюджаных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яна адрозніваецца разнастайнай тэматыкай, тэхнікай выканання, дызайнерскімі рашэннямі, але заўсёды арыентуецца на народныя традыцыйныя матывы.
Copyright
Матэрыялы прадастаўлены на сайце выключна для азнаямлення. Камерцыйнае капіраванне і распаўсюджванне без указання першакрыніцы забаронена.